Алена Кобец-Філімонава
У адным горадзе жылі-былі сем мастакоў. Горад, у якім яны жылі, быў вельмі змрочны. Таму што над ім віселі шэрыя хмары. I ад іх на ўвесь горад падаў шэры цень. З-за хмараў не было відаць аранжавага сонца. Не было відаць зялёнай лістоты. Не было відаць блакітных нябёсаў. I ўсё, што малявалі мастакі, было шэрае і не прыгожае. Яны ж думалі, што неба можа бьщь толькі шарага колеру. І лісце толькі шэрага колеру. I ўсё наўкола — толькі шэрага колеру. Таму і фарбы ў іх былі толькі шэрыя. Яны не маглі маляваць іначай.
Аднойчы ў горад прыляцеў вецер і разагнаў хмары. Мастакі выбеглі на вуліцу — і не паверылі сваім вачам.
— Ой, якое прыгожае неба! — сказалі яны.
— Ой, якое прыгожае сонца! — сказалі яны.
— Ой, якое прыгожае лісце! — сказалі яны.
I адразу пачалі маляваць. Але атрымалася непрыгожа. Таму што ў іх была толькі шэрая фарба.
Сем мастакоў цяжка ўздыхнулі. Што ж ім рабіць? Як навучыцца добра маляваць? Тады адзін з іх сказаў:
— Сябры! Пойдзем фарбы шукаць.
Узялі мастакі сем пэндзлікаў і сем вядзерцаў і пайшлі фарбы шукаць. Доўга вандравалі яны па белым свеце і ўсяму дзівіліся. А дзівіцца было чаму. Яны ж усё жыццё жылі ў змрочным горадзе і не ведалі, што ёсць на свеце пунсовы-пунсовы мак, які квітнее на зялёным лузе; што ёсць бялюткі рамонак з залацістай сярэдзінай; што сонца ўдзень аранжавае, а ўвечары — малінавае. Яны любаваліся прыродай, многае спазнавалі і ўсё запаміналі.
Аднойчы мастакі падняліся на вяршыню самай высокай гары. Адтуль было відаць усё навокал: і рэкі, і лясы, і лугі — увесь шлях, які яны прайшлі. Залюбаваліся мастакі і пачалі марыць.
— Ах, як бы я хацеў намаляваць мак! — сказаў адзін.
— А я — сонца! — сказаў другі.
— А я — дзьмухавец! — сказаў трэці.
— А я — лісточак! — сказаў чацвёрты.
— А я — неба! — сказаў пяты.
— А я — званочак! — сказаў шосты.
— А я — фіялку! — сказаў сёмы.
I як толькі яны гэта сказалі — на небе ўзнікла вясёлка. Убачылі мастакі вясёлку — і вачам сваім не паверылі.
— Ах, якія фарбы! — уздыхнулі яны.
— Я бачу фарбу, як мак! — сказаў адзін.
— А я — як сонца! — сказаў другі.
— А я — як дзьмухавец! — сказаў трэці.
— А я — як лісточак! — сказаў чацвёрты.
— А я — як званочак! — сказаў шосты.
— А я — як фіялку! — сказаў сёмы.
I раптам адзін канец вясёлкі апусціўся каля самых ног мастакоў. I яны ўбачылі сем каляровых дарожак.
Чырвоную, як мак.
Аранжавую, як сонца.
Жоўтую, як дзьмухавец.
Зялёную, як лісточак.
Блакітную, як неба.
Сінюю, як званочак.
Фіялетавую, як фіялка.
— Ура! — закрычалі мастакі. — Нарэшце знайшлі фарбы!
Кожны выбраў сабе любімую дарожку і пайшоў па ёй. Прайшлі мастакі па ўсёй вясёлцы. I адразу ж пачалі маляваць. Ім не цярпелася даведацца, якога колеру фарбы ў іхніх вядзерцах.
Узялі мастакі вялікі ліст паперы, і кожны правёў па ім лінію сваім пэндзлікам. Атрымалася яркая, сямі колераў вясёлка. Мастакі былі шчаслівыя. Цяпер яны маглі намаляваць усё, пра што марылі.
А што сталася з вясёлкай? Яна знікла. Таму што аддала ўсе свае фарбы. А калі пойдуць яе шукаць іншыя мастакі, яна зноў з'явіцца і аддасць ім свае новыя фарбы.
Комментариев нет:
Отправить комментарий