Беларуская народная казка
Ішоў дзед лесам, а за ім бег сабачка. Ішоў дзед, ішоў дый згубіў рукавічку.
Вось бяжыць мышка, залезла ў тую рукавічку ды кажа:
— Тут я буду жыць.
А тым часам жаба — скок-скок! — пытаецца:
— Хто, хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка. А ты хто?
— А я жабка-скакуха. Пусці і мяне!
— Хадзі.
I Вось іх ужо двое. Бяжыць зайчык. Падбег да рукавічкі, пытаецца:
— Хто, хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка, жабка-скакуха. А ты хто?
— А я зайчык-уцякайчык. Пусціце мяне!
— Хадзі.
Вось іх ужо трое. Бяжыць лісічка:
— Хто-хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка, жабка-скакуха ды зайчык-уцякайчык. А ты хто?
— А я лісічка-сястрычка. Пусціце і мяне!
Вось іх ужо чацвёра сядзіць. Аж бяжыць воўк і таксама да рукавічкі, дый пытае:
— Хто, хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка, жабка-скакуха, зайчык-уцякайчык ды лісічка-сястрычка. А ты хто?
— А я ваўчок — шэры бачок. Пусціце і мяне.
— Ну хадзі ўжо!
Залез і гэты — стала іх ужо пяцёра. Раптам брыдзе дзік:
— Рох-рох-рох, хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка, жабка-скакуха, зайчык-уцякайчык ды лісічка-сястрычка, ваўчок — шэры бачок. А ты хто?
— А я дзік ікласты. Пусціце і мяне!
Вось нявыкрутка, усім у рукавічку ахвота.
— Табе і не ўлезці!
— Неяк залезу, пусціце!
— Ну што ж з табой паробіш, лезь!
Залез і гэты. Ужо іх шасцёра. Так ім цесна, што яны павярнуцца нават не могуць. А тут затрашчала сучча — вылазіць мядзведзь і таксама да рукавічкі ідзе, раве:
— Хто, хто ў рукавічцы жыве?
— Мышка-скрабушка, жабка-скакуха, зайчык-уцякайчык ды лісічка-сястрычка, ваўчок — шэры бачок ды дзік ікласты. А ты хто?
— Гу-гу-гу, шмат вас тут! А я мядзведзюхна-бацюхна. Пусціце і мяне!
— Як жа мы цябе пусцім? I так цесна.
— Ды як-небудзь!
— Ды хадзі ўжо, толькі з краёчку!
Залез і гэты — сямёра стала, ды так цесна, што рукавічка як бач разарвецца.
А тым часам дзед спахапіўся — няма рукавічкі. Ён тады вярнуўся шукаць яе. А сабачка наперадзе пабег. Бяжыць, бяжыць, аж бачыць — ляжыць рукавічка і варушыцца. Сабачка тады: «Гаў-гаў-гаў!»
Звяры спужаліся, з рукавічкі вырваліся ды ўроссып па лесе. Ну а дзед прыйшоў ды забраў рукавічку.
Читать полностью: http://www.vyaselka.ru/rukavichka
приветы
ОтветитьУдалитьприветы
ОтветитьУдалить