Дзівосны лядзяш

Алена Кобец-Фiлiмонава


Гуляў Васілёк на двары. I ўбачыў ледзяшы. Яны звісалі з застрэшка павеці. Доўгія і празрыстыя. I так нагадвалі цукеркі ледзянцы! Асабліва адзін. Самы вялікі. Ён ярчэй за ўсіх іскрыўся на сонцы. I Васільку вельмі захацелася яго з'есці. Узлез ён на гурбу, адламаў самы вялікі лядзяш і пачаў грызці. Лядзяш прыемна захрумсцеў на зубах, а ў роце стала холадна, як ад марожанага.
— Ой, як смачна! — узрадаваўся Васілёк. I з'еў увесь лядзяш.
I раптам:
— Апчхі! — чыхнуў Васілёк.
Не ведаў ён, што гэты лядзяш быў чароўны. У ім сядзеў Чых-невідзімка. Калі Васілёк з'еў лядзяш, Чых з яго і выскачыў. Ён лятаў па двары і чыхаў:
— Апчхі! Апчхі!
Ён чыхаў так моцна, што пачулі ўсе мамы і не пусцілі сваіх дзяцей гуляць.
А ў Васілька забалела горла. I паскардзіўся ён маці. Спалохалася маці і выклікала доктара.
Прыйшоў доктар да Васілька. Паглядзеў горла і даў хлопчыку праглынуць пілюлю. Яна была горкая, нясмачная, зусім не такая, як лядзяш. А калі доктар адыходзіў, ён сказаў, што Васільку трэба ляжаць у пасцелі і кожны дзень глытаць пілюлі.
— Ніколі больш не буду есці ледзяшы! — заплакаў Васілёк.
Доўга ён хварэў. А калі паправіўся, зімы ўжо не было.

Выйшаў Васілёк на двор і не ўбачыў ледзяшоў. Яны расталі ад цёплага вясновага сонейка. I Чых не лятаў па двары. Ён баіцца цяпла і таму паляцеў туды, дзе была халодная зіма.

Комментариев нет:

Отправить комментарий