Алесь Якімовіч
Звер вядомы ён усім —
I старым і дзецям.
Футра цёплае на ім,
А завуць — мядзведзем.
А гэта вось —
Рагаты лось
3 сям'ёй сваёй уранку
Выходзіць на гулянку.
Як дзяды, яны з бародамі,
Ходзяць цэлымі чародамі.
Проста дзіва — не звяры,
Называюцца — зубры.
Бабры — спакойныя звяры;
Хвасты ў іх як лапаты.
Без тапароў і піл бабры
Сабе будуюць хаты.
Ля іх, нібы разбойніца,
За язем выдра гоніцца.
На суку ў гушчары,
Распусціўшы кіпцюры,
Рысь і дні і ночы
За здабычай сочыць.
Навастрыла вушы ліска,
Пачала ўглядацца:
Ці няма пажывы блізка —
Птушкі або зайца?
Глядзіць куніца горка
На шуструю вавёрку:
За ёй куніца
Скакаць баіцца.
Пад'еўшы ўволю жалудоў,
Па сцежцы лесавой
Ікластых чарада дзікоў
Ідзе на вадапой.
Ну і рогі у аленя!
Метраў два яны — не меней.
Ад такой пагрозы
Уцякаюць козы.
А гэта — не кот, не бабёр,
А самы звычайны тхор.
Воўк на зайца
Вострыць зубы.
Уцякай, шарак,
Ад згубы!
Не ласун барсук, о не!
Есць ён што папала.
Нават жабу праглыне,
Калі мышак мала.
Комментариев нет:
Отправить комментарий