Вавёрчына гора

Васіль Вітка


Казка

Пра Веру-вавёрачку,
Пра яе гора-горачка,
Пра яе маленькіх дочак,
Пра вавёрчын малаточак,
Пра птушынага пасла —
Даўганосага бусла,
Пра жыццё-быццё лясное
І яшчэ пра тое-сёе.

Забалелі ў вавёрачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі.
Плача Вера-вавёрачка:
— Ой, гора маё,
Горачка...
Сабралася ўся вавёрчына радня.
Думаюць, гадаюць усю ноч да дня:
Як тут быць,
Што рабіць?
Прыкладаюць дочкі
Мамачцы прымочкі,
Грэюць унучкі
Бабульцы анучкі.
Яшчэ болей баляць вавёрчыны зубкі —
Не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

Вестку паслалі старэйшаму сыну,
Той адразу ўсе справы пакінуў,
І праведаць хворую маці прыехаў,
І прывёз поўны мех ёй арэхаў.
Ён не знаў, што баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць яна імі шкарлупкі.

Госцю маці гаворыць:
— Сыночак,
Ты прывёз бы мне малаточак.
Не трудзіла б я зубкі,
Не верадзіла,
Малатком бы шкарлупкі
Біла.

— Што ж, — кажа сын, —
У маёй старане
Ёсць каваль — лепшы мой друг,
Ён можа скаваць для мяне,
Што я захачу, — нават плуг.

— Мне плуг не патрэбен, сыночак,
Хай зробіць ён мне малаточак.

— Мама, —
Гаворыць ёй сын у адказ, —
Я дам тэлеграму,
Ён зробіць ураз.

Сарваў сынок
Дубовы лісток —
Тэлеграма гатова:
«Я жывы і здаровы.
Толькі баляць у мамачкі зубкі —
Не можа кусаць арэхавай шкарлупкі.
Прашу, дружок,
Зрабі малаток».

Сказалі сёстры брату:
— Навошта
Табе самому хадзіць
На пошту?

Мы самі знаем, дзе стары граб.
Даўно мы хацелі
Збегаць на тэле...
Даўно мы хацелі
На тэле-
Граф.

— Ну, што ж, імчыце, —
Сказаў браток, —
Занясіце лісток,
Вазьміце квіток.

— Нясіце, — сказала мама, —
Каб сёння ж
Дайшла тэлеграма,
Няхай сам начальнік на бланку
Паставіць пячатку,
Што гэта «маланка».

Імчацца шустрыя сёстры,
Мільгаюць дрэвы
І вёрсты.
Прымчаліся
Ў самы гушчар.
Што тут такое?
Пажар!

Усё ў агні — і лісцё, і галіны,
Але здагадаліся сёстры,
Што гэта —
Прыбеглі
На самы разгар лета
І палаюць агнём
Не галіны,
А спеюць
Чырвоныя арабіны.

Імчацца далей сёстры няспынна,
Мінаюць гушчар
І пажар арабінны.

І вось перад імі
Новая пацеха:
Дрэва,
А на дрэве — арэхаў, арэхаў!
А спеленеча-ча-ча-чкія,
А жоўценеча-ча-ча-чкія,
А поўненеча-ча-ча-чкія,
А на вяршэча-ча-ча-чку, —
Шкада,
Не ўзялі з сабою
Мяшэчачка.

І тут яны ўспомнілі,
Што баляць у матулі зубкі,
Што не можа яна раскусіць арэхавай
Шкарлупкі.
Хутчэй жа,
Хутчэй,
Хутчэй туды,
Туды,
Дзе растуць
Старыя дубы!

Лістамі сцежку
Сцеле
Граб,
Прыбеглі сёстры
На тэле-
Граф.

Шматпавярховы дом —
Высознае дрэва
З акном-дуплом,
Уваход налева.
Калі ўмееш — чытай сам,
Што напісана пад аконцам:
«Прыём тэлеграм
Да захаду сонца».

Вавёркі ў дупло
Лапкамі: стук-стук,
А ім у адказ:
— Хто тут?
Хто тут?
Не лезьце ў дупло —
Ужо сонца зайшло!

Сталі сёстры прасіць:
— Дзядзюхна начальнік,
Тэлеграму трэ адбіць,
Гэтак мы імчалі,
Гэтак беглі
Праз гушчар,
Праз агонь,
Праз пажар...
Хворая ў нас маці,
Дзядзюхна дзяцел...

Падабрэў начальнік,
Непрыступны маўчальнік,
Акуляры надзеў,
На лісток паглядзеў.
— Добра, — кажа, — пашлю
Заўтра ўранку кавалю.

— Як гэта заўтра ўранку?
Нам загадала мама,
Каб вы паслалі з маланкай
Нашу тэлеграму.

— З маланкай? — здзівіўся дзяцел. —
А дзе ж яе ўзяці?
Не працуе бесперастанку
У мяне на пасылках маланка.
Бывае
І яна выхадная.

— Хай тады кавалю на дом
Заімчыць тэлеграму гром.

— Гром? — усміхнуўся начальнік. —
Гром?
Ён толькі з работы
І спіць
Непрабудным сном.

— Хто ж перадасць тэлеграму,
Хто ж?
— Дождж, — сказаў ім начальнік, —
Дождж!

І застукаў
Начальнік,
Непрыступны
Маўчальнік,
Дзюбаю: тук-тук!
Тоўстаю: ток-ток!
І з лістка
На лісток
Пацёк
Ручаёк...

Бягуць вавёркі дадому
І чуюць,
Як іх тэлеграму
Кроплі друкуюць:
«Тук-ток,
Кавалёк,
Прышлі маме
Малаток.
Разбалеліся ў мамачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі».

Паплыў паток,
Пагнаў лісток,
Панёс удаль,
Дзе жыве каваль —
Стары воран,
Як вугаль, чоран.

Прыйшла тэлеграма якраз у час,
Кавалю не дае спакою заказ.
Сон яго не бярэ,
Яда не лезе:
Як зрабіць малаток —
Няма жалеза.

— Знайсці жалеза я бяруся, —
Сказаў кавалю даўганосы бусел.
Ён абуў чырвоныя боты
І палез
У балота.

А праз гадзіну ўжо бусел
Вярнуўся:
— Так і так.
Ляжыць у канаве «тыгра» —
Нямецкі танк.

Пайшоў каваль
З прыладамі, —
Чоран воран, —
Паставіў кавадла,
Распаліў горан,
Скінуў кажух,
Надзеў хвартух,
Узяў абцугі,
Прайшоў раз-другі.
Жалеза не відаць —
Гара іржы.
— З чаго мне каваць
Малаток —
Скажы?

Падумаў бусел:
«Прыйдзецца, мусіць,
Самых дужых звяроў склікаць,
Каб забітага «тыгра»
Па костачках разабраць».

Прыйшоў мядзведзь,
Злуецца, равець,
Прыйшоў воўк —
Зубамі шчоўк-шчоўк,
Прыйшоў бабёр —
Хвастом пацёр.
Доўга так раўлі і вылі
І нічога
Не зрабілі.
Беглі ў гэты самы час
Маленькія зайкі,
Узяліся і — ураз
Развінцілі гайкі.

Тады гусі і сініцы
Знялі вежу,
Гусеніцы.
Наскублі яны так-сяк
З паганага «тыгра» шэрсці шматок.
Вось табе і хвалёны танк —
Ледзь хапіла вавёрцы
На малаток.

Добра сказаць —
Заказ гатовы,
А як паслаць
Яго ў бор сасновы?

Другі дзень вавёрка малатка чакае,
Можа, яна, бедная, з голаду канае.
Гэтак моцна баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

Апусціліся галовы ніц
І ў зайцоў,
І ў сініц.
Сядзяць у скрусе
Бусел
І гусі.
Стаў ад гора
Воран
Яшчэ болей
Чоран.
Паўзе крот,
Зямлі повен рот:
— Ду-ду-ду, ду-ду-ду,
Я вашу бяду
Адной лапай
Развяду.
Сталі ўсе яго прасіць:
— Краточак,
Крот,
Браточак
Фядот,
Ты можаш зрабіць
Самалёт?

— Угу.
Я магу.

— Нам трэба, браточак,
Паслаць малаточак...
— Добра, — кажа ім крот, —
Я зраблю самалёт.
Скідай, каваль,
Свой чорны хвартух,
Прынясі мне
Шырокі лапух,
А вы, зайкі, травы нарвіце,
Вяровачкі звіце,
Малаток
У вузялок
Завяжыце.

— А цяпер, —
Кажа крот, —
Я буду галоўны пілот.
Мяне вы прасілі.
Падымай, бусел, крыллі,
Бяры ў дзюбу лапух —
Павязём малаток мы
Удвух:
Верхам сяду ў цябе я на шыі,
Паляцім мы пад хмары густыя,
Будзеш ты
Крыламі махаць,
А я
Буду табой кіраваць.

— Дзякуй, — бусел яму ў адказ. —
Гэта раз.
Памагла нам твая галава —
Гэта два.
Ну, а болей не гавары —
Гэта тры.
Памагатых такіх мне
Не трэба.
Калі ж хочаш
Пабачыць ты неба
І зайздросціш адно нам,
Буслам, —
Паспрабуй
Узніміся
Сам!

Цвёрдае слова —
Слова буслова.

Ўзяў лапух у дзюбу ён.
Варухнуў крыламі —
І ляціць наш паштальён
Лугамі,
Лясамі.
А куды ён ляціць —
Можа, боты шыць,
Можа, ніткі віць? —
Адкажыце
Самі.
Ну, вядома,
Ляціць да вавёркі-галубкі,
Вельмі ж моцна баляць яе зубачкі-зубкі.
Ён нясе ёй вузялок,
Там завязан малаток,
Каб вавёрка зубоў не трудзіла,
Каб арэхі малаточкам біла...

У вавёрчынай жа хаце
Поўна шуму, весялосці,
Перадаў ім вестку дзяцел,
Што ляціць сам бусел ў госці.
Вось унучкі
Сталы засцілаюць,
А дачушкі
Пачостку стаўляюць,
Сын
Пясочкам ля самага дома
Высыпае пляцоўку
Аэрадрома,
Каб птушыны пасол мог спусціцца,
Паміж соснаў густых
Прызямліцца.
Госця сустракаці
Выходзіць маці:
— Што на белым свеце чуваці —
На балоце,
На сенажаці?

— Ат, якія ў нас навіны, —
Ёй адказвае бусел, —
Вы ж самі ведаць павінны,
Што ўсе мы ў самоце і скрусе.
Як прыйшла тэлеграма,
Што баляць у вас зубкі,
Не спалі мы цэлыя суткі,
Не зналі шчаслівай мінуткі.

Цяпер я спакойны
За ваш раток, —
Вось вам бранябойны
Малаток.

— Ай-яй-яй! — дзівяцца сёстры. —
Які ён цяжкі,
Які ён востры...
Мы хацелі другую адбіць
Тэлеграму,
Што даўно не баліць
Раток у мамы...
І няхай будзе сказана толькі між намі —
Лепей грызці арэхі сваімі зубамі.
Мы хацелі,
Мы вельмі хацелі
Зноў збегаць
На тэле...
На тэле...
— Перастаньце! — на дочак
Прытупнула маці. —
Малаточак
Спатрэбіцца ў хаце...

Доўга ў іх ішла бяседа-
Гаворка.
Ўсе суседзі
Былі
У вавёркі.

Стары дзяцел
З сваім зяцем,
Тры сініцы-сястрыцы,
Цётка Гануля —
Шэрая зязюля,
Пяць зайцоў-малайцоў,
Удод-удавец —
Слаўны на дудзе ігрэц,
Два глухія глухары
Білі ў бубен
Да зары.
І я там быў
За тым сталом
І еў і піў
Разам з буслом.
Што там было весялосці
І смеху.

Папаелі госці
Грыбоў і арэхаў.
Былі мёд і квас там,
Бульба, селядзец.
Хто праслухаў казку —

Той маладзец.

Комментариев нет:

Отправить комментарий