Уладзімір Юрэвіч
Насупраць дома, дзе жыве Святланка, за лета вырасла высокая камяніца. Перад ёй у скверыку саджалі ўвосень дрэўцы. Адну бярозку, самую тонкую, адкінулі.
— А гэтая не трэба вам? — спытала Святланка.
— Бяры яе сабе, калі хочаш, — сказаў вясёлы дзядзька, які са шланга паліваў дрэвы.
Святланка прынесла бярозку ў свой двор. Тата якраз быў дома. Дзяўчынка папрасіла яго пасадзіць дрэўца.
Тата выкапаў ямку. Святланка прынесла з клумбы чарназёму, пасадзілі дрэўца, палілі.
— Можа, і прымецца, — сказаў тата.
З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.
— А бярозка ўзімку не замерзне? Яна ж голенькая, — трывожылася Святланка.
— Чаму голенькая? — не пагаджаўся тата. — На ёй кара. Ёй цёпла.
— Можа, апрануць яе на зіму? Ухутаць? — не сунімалася дзяўчынка. — На галінкі рукавічкі панадзяваць, а на ножкі — валёнкі?
— А дзе ж у бярозкі ножкі? — усміхнуўся тата. — Яе ножкі — карэнне.
— Зямля ж халодная.
— Гэта для нас з табой халодная, а для бярозкі цёплая. Вось выпадзе снег, укрые, як коўдрай, зямлю, і карэньчыкам стане яшчэ цяплей, а пакуль трэба паліваць бярозку, каб лепш расла.
Святланка палівала бярозку і чакала, калі выпадзе снег. Лісточкі даўно апалі. Бярозка выглядала як сірацінка побач з высокімі каштанамі і таполямі. Пра іх Святланка і не думала. Яны ж вялікія, моцныя. А бярозка тоненькая-тоненькая .
Прачнулася аднойчы Святланка, а на дварэ бела.
— Тата! — закрычала дзяўчынка. — Зіма прыйшла! Глянь, колькі снегу.
— Вось цяпер можна і валёнкі для бярозкі зрабіць, — сказаў тата.
Ён узяў шырокую рыдлёўку і пачаў падкідаць снег да бярозкі. I Святланка памагала сваім маленькім шуфлікам.
Неўзабаве і сапраўды бярозка стала як бы ў вялікіх снегавых валёнках. На яе чорных галінках таксама быў пушысты снег. Дакранешся — ён сыплецца, іскрыцца, зіхаціць.
Кожны раз, калі выпадаў снег, Святланка брала свой шуфлік і падграбала снег да дрэўца. Бярозчыны валёнкі станавіліся ўсё большыя і цяплейшыя.
А ўвесну, калі прыгрэла сонейка, бярозка ўбралася ў зялёнае лісце.
Комментариев нет:
Отправить комментарий