Клаўдзія
Каліна
Трэ Кастрычнік лён, аж кастрыца ляціць
стаўбом. Спяшаецца ён да замаразкаў кужаль выткаць і вопратку сабе пашыць.
Пачулі пра замаразкі павучкі і напалохаліся.
— Ой, што нам рабіць? — пачалі бедаваць. —
Замерзнем мы ў замаразкі, загінем без вопраткі.
I пайшлі павучкі да Кастрычніка, каб той
навучыў іх ткаць кужаль.
— Добра, навучу, — згадзіўся Кастрычнік і
даў кожнаму павучочку льну па снапочку.
— Перш-наперш гэты лянок трэба вымачыць,
потым высушыць, затым пацерці... — навучаў ён павучкоў, — далей трэба лянок
вытрапаць і вычасаць, кудзелечку скласці і танюсенька спрасці. Нітачкі тыя ў
аснову на кросенкі навіць. Нарэшце нітачку ў чаўнок — і тчыце сабе кужалёк!
Падзякавалі павучкі Кастрычніку і ўзяліся
за работу. Прадуць павучкі кужалёк, а што далей з ім рабіць, забыліся. Адны
кажуць: «Трэба зноўку кужалёк мачыць!» Другія пярэчаць: «Трэба сушыць». Трэція
крычаць: «Трэба часаць». А да ладу не могуць дайсці.
Так кожненькі год і спрачаюцца паміж сабою
павучкі. Напрадуць нітачак, цягнуць іх па зямлі і не ведаюць, што далей з імі
рабіць. I ляціць разам з павучкамі над палямі беленькі кужалёк — бабіна лета.
Паглядзіце ў кастрычніку на палі, лугі,
лясы... Колькі таго серабрыстага кужалю павучкі напралі!
Комментариев нет:
Отправить комментарий