Клаўдзія
Каліна
Бяда перапёлцы ў жніўні. У жніўні сярпы
звіняць, камбайны гудуць, снапы покатам кладуцца… А беднай перапёлцы нідзе
прытулку няма. Не паспела яна ў жыце гняздо звіць, птушанят падгадаваць, як
Жнівень ужо гукае:
Час адгэтуль вылятаць —
Пачынаю жыта жаць.
Ледзь уцякла перапёлка з жыта. Дзяцей ад
страху пагубляла… Доўга пасля клікала іх: «Спаць пара! Спаць пара!» А калі
сабрала, павяла хуценька ў пшаніцу.
— Тут зраблю гняздзечка, — кажа сваім
дзеткам перапёлка.
Толькі паспела месца выбраць, як Жнівень
зноў загукаў:
Пакідай сваю святліцу —
Пачынаю жаць пшаніцу!
Пырхнула перапёлка ў ячмень. Зноў дзяцей
пагубляла. Доўга шукала і клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Знайшоўшы, павяла
ў ячмень:
— Тут нас ніхто не патурбуе!
Але раптам над самаю яе галавою зазвінела
каса…
— Вылятай, перапёлка! — пачуўся голас
Жніўня.
Спалохалася перапёлка і наўцёкі… Зноў
дзетак пагубляла. Доўга клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Даклікалася і пайшла
ў аўсы. Але не паспела і аснаваць гняздо, як пачула: «Вылятай, перапёлка!»
Перапалохалася, бедная, сіганула ў проса,
адтуль у грэчку. Нарэшце ў бульбу, а Жнівень — за ёю. «Вылятай, перапёлка!
Вылятай!» — усюды чуецца яго голас.
Пырхнула перапёлка на агароды, а за ёю —
дзетак чароды. Паляцела яна над лугам, а за ёю — птушаняты цугам.
Акрыялі, падужэлі яе дзеткі ад тых
пералётаў. Памацнелі ў іх крылцы, паспрытнелі ножкі. Не агледзелася перапёлка,
як дзеткі яе выраслі.
А тут ужо канчаецца лета цёплае, пара ў
вырай збірацца.
Сабрала перапёлка сваю вялікую сям’ю і
паляцела зімаваць у вырай.
Комментариев нет:
Отправить комментарий