Беларуская
народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча
Адзін чалавек
пайшоў у лес дровы секчы. Насек дроў, сеў на пень адпачыць.
Прыходзіць
мядзведзь.
— Гэй, чалавеча,
давай будзем барукацца! Паглядзеў чалавек на мядзведзя: дужы калмач — дзе з ім
барукацца! Сцісне лапамі — і дух вон!
— Э, — кажа
чалавек, — што мне з табою барукацца! Давай спярша паглядзім, ці маеш ты сілу.
— А як глядзець
будзем? — пытаецца мядзведзь.
Узяў чалавек
сякеру, расшчапіў пень зверху, убіў у расколіну клін і кажа:
— Калі раздзярэш
гэты пень лапаю, — значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца.
Ну, мядзведзь,
не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухом па кліне —
той і выскачыў. Тут пень і сціснуў мядзведзеву лапу, як абцугамі.
Раве мядзведзь,
танцуе на трох лапах, але ні расшчапіць пень, ні вырвацца з яго не можа.
— Ну што, — кажа
чалавек, — будзеш барукацца са мною?
— Не, — енчыць
мядзведзь. — Не буду.
— То-та ж, —
сказаў чалавек. — Не толькі сілаю барукацца можна, а і розумам.
Убіў ён клін
назад у пень, мядзведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі.
З таго часу ён і
баіцца сустракацца з чалавекам.
Комментариев нет:
Отправить комментарий