Беларуская народная казка
Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала. Але былінка не захацела калыхаць верабейку, узяла ды і скінула яго. Узлаваўся верабейка на былінку, зачырыкаў:
— Пачакай жа, гультайка, нашлю я на цябе коз!
Паляцеў верабейка да коз:
— Козы, козы, ідзіце былінку абгрызаць, бо былінка не хоча мяне калыхаць.
Козы не паслухалі верабейкі.
— Пачакайце ж, козы, нашлю я на вас ваўкоў!
Паляцеў верабейка да ваўкоў:
— Ваўкі, ваўкі, ідзіце коз душыць, бо козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухалі і ваўкі.
— Пачакайце ж, ваўкі, нашлю я на вас стральцоў!
Паляцеў верабейка да стральцоў:
— Стральцы, стральцы, ідзіце ваўкоў біць, бо ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухалі і стральцы.
— Пачакайце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі!
Паляцеў верабейка да вяровак:
— Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць, бо стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухалі і вяроўкі.
— Пачакайце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь!
Паляцеў верабейка да агню:
— Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, бо вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухаў і агонь.
— Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду!
Паляцеў верабейка да рэчкі:
— Вада, вала, ідзі агонь тушыць, бо агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухала і вада.
— Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў!
Паляцеў верабейка да валоў:
— Валы, валы, ідзіце ваду піць, бо вада не хоча агонь тушыць, агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.
Не паслухалі і валы.
— Пачакайце ж, валы, нашлю я на вас доўбню!
Не паслухала і доўбня.
— Пачакай жа, доўбня, нашлю я на цябе чарвякоў!
I чарвякі не паслухалі.
— Пачакайце ж, чарвякі, нашлю я на вас курэй!
Паляцеў верабейка да курай, пачаў іх прасіць, каб бядзе дапамаглі.
— Добра, — адказалі куры, — дапаможам!
Пайшлі куры чарвякоў дзяўбці — і цяпер дзяўбуць.
Пайшлі чарвякі доўбню тачыць — і цяпер точаць.
Пайшла доўбня валоў біць — і цяпер б'е.
Пайшлі валы ваду піць — і цяпер п’юць.
Пайшла вада агонь тушыць — і цяпер тушыць.
Пайшоў агонь вяроўкі паліць — і цяпер паліць.
Пайшлі вяроўкі стральцоў вязаць — і цяпер вяжуць.
Пайшлі стральцы ваўкоў біць — і цяпер б'юць.
Пайшлі ваўкі коз душыць — і цяпер душаць.
Пайшлі козы былінку абгрызаць — і цяпер грызуць. Стала былінка верабейку калыхаць — і цяпер калыша.
Читать полностью: http://www.vyaselka.ru/bylinka-i-verabei
Комментариев нет:
Отправить комментарий