Беларуская народная казка
Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:
— Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?
— Я муха-пяюха. А ты хто?
— А я па паліцах скрабатуха.
— Сядай, паедзем разам.
Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?
— А я па сажалках рагатуха.
— Сядай, паедзем разам.
Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — на галінцы вавёрка:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?
— А я па елках скакуха.
— Сядай, паедзем разам.
Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?
— А я праз дарогу скок.
— Сядай, паедзем разам.
Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:
— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?
— А я галодны воўк. Усіх вас паем.
Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.
Комментариев нет:
Отправить комментарий