Свята

Юрась Свірка

Сёння ў нашай мамы свята,
Падарыў ёй кветкі тата.

Пажадаў ён любай маме
Быць заўсёды самай-самай.

I прыгожай, і шчаслівай,
I вясёлай, і руплівай.

Аж свіціцца мама наша:
Атрымаў дзясятку Саша.

Пастараўся наш Панаска:
Ён нацёр паркет да бляску.

Пахваліла мама Аду —
У пакоях скрозь парадак.

Тата сам гатуе стравы,
Ён старанны і рухавы.

Прыхінае мама кветкі:
— Дзякуй, бацька! Дзякуй, дзеткі!

Незабыўная нядзеля,
Мама як памаладзела.

I з усмешкай кажа тата:
— Падарылі маме свята.

Комментариев нет:

Отправить комментарий