Васіль
Хомчанка
У горад прыехаў цырк. Маці дала Кастусю
грошы і сказала:
— Сёння ў 12 гадзін пойдзем у цырк.
Купі два білеты. Адзін мне, другі — сабе.
Потым строга дадала: — Глядзі ж, не баўся.
Праз якія паўгадзіны радасны Кастусь ужо
імчаўся дадому, сціскаючы ў руцэ дзве сіненькія паперкі.
Усюды ў горадзе віселі цыркавыя афішы.
Каля адной з афіш Кастусь спыніўся. На ёй быў цікавы малюнак: белыя сабачкі
стаялі ў рад і пярэднімі лапкамі віталі мядзведзя. Як многа цікавага ўбачыць
Кастусь сёння ў цырку!
Нейкі дзядзька, праходзячы міма, штурхануў
хлопчыка ў плячо.
— Не бачыце, ці што? — сярдзіта сказаў
Кастусь.
Дзядзька спыніўся, павярнуўся назад. На
вачах у яго былі акуляры з сінімі шкельцамі, у руках ён трымаў жалезную кульбу.
— Прабач, хлопчык, — ціха прамовіў ён.
Памацаўшы кульбай вакол сябе, дзядзька асцярожна зрабіў некалькі крокаў.
«Сляпы», — здагадаўся Кастусь. Сляпы ішоў
проста ў лужу.
— Дзядзька, вада там! — крыкнуў Кастусь.
Сляпы збочыў управа і наткнуўся на паркан.
— Паркан! — зноў крыкнуў хлопчык. Ён
падбег да сляпога, узяў яго за руку, вывеў на дарогу і спытаў:
— Вам далёка ісці?
— На вакзал.
— О! — здзівіўся хлопчык. — Як жа вы
дойдзеце?
— Як-небудзь.
Не выпускаючы рукі сляпога, Кастусь вёў
яго спачатку па тратуары, потым па скверы. А калі дайшоў да плошчы, Кастусь
спыніўся. Тут яму трэба было зварочваць дадому, а дарога на вакзал ішла налева.
— Я, дзядзька, сёння ў цырк пайду, —
сказаў Кастусь, — мяне мама чакае. Бывайце.
— Бывай. Дзякуй табе.
Кастусь пабег. Ужо ля самага дома ён
азірнуўся і ўбачыў, што сляпы стаіць на тратуары і ніяк не асмельваецца
перайсці плошчу. Машыны ішлі ды ішлі бясконцым патокам. Грузавыя і легкавыя,
тралейбусы і аўтобусы. А сляпы ўсё стаяў і нецярпліва пастукваў кульбай. «Ён
адзін не пяройдзе, — падумаў Кастусь, — трэба дапамагчы».
Кастусь падбег да сляпога і зноў узяў яго
за руку.
Сляпы пазнаў хлопчыка, моўчкі кіўнуў
галавой і пакрочыў следам за ім.
Комментариев нет:
Отправить комментарий