Якуб Колас
Белыя валокны
Сцелюцца над долам.
Не спяваюць птушкі,
Сціхнуў лесу шолам.
Сцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
і агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Стомленасць, знямеласць...
Тояць думку боры...
Шш! што та за гукі
Чуюцца ў прасторы?
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак,
У паднеб'і тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
і стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што — сам не знаеш.
Так у час расстання
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы
і глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ўдалечу
Душу дарагую.
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/adlet-zhurauleu
Комментариев нет:
Отправить комментарий