Уладзімір
Ягоўдзік
Вось дык дзіўны шавец! На спіне сто іголак, а шыць не ўмее. Кожны назаве
яго імя — гэта вожык. I мае ён не сто іголак, а ў сто разоў больш. Так,
прынамсі, падлічылі вучоныя.
Жыве вожык ва ўсіх мясцінах нашай Беларусі. Найчасцей, вядома, у лесе. Але
ёсць сярод вожыкаў і такія, што не цураюцца жыхарства ў горадзе ці вёсцы. Іх
можна сустрэць у садзе, парку, непадалёку ад хлява для свойскай жывёлы. Вожык,
напэўна, самы адважны са звяркоў — нашых блізкіх суседзяў. Ён не спяшаецца
ўцякаць, калі яго хто-небудзь перастрэне на сцяжынцы. Натапырыць свае вострыя
калючкі і сярдзіта чуфыкае, пыхкае, маўляў, прэч з дарогі, бо ўкалю! Калі ж
крыўдзіцель нападзе, звярок умомант згорнецца ў клубок. Няшмат знойдзецца
ахвотнікаў пагуляць а такім калючым мячыкам. Хіба галодная ліса пакоціць яго да
раўчука ці глыбокай лужыны. А потым, як вожык стане ратавацца, плыць па вадзе,
— цопне яго зубамі за пыску ці жывот.
Дарэчы, вожык і сам адважны паляўнічы. Шмат знішчае шкодлівых жукоў,
слімакоў, бурыць мышыныя і кратовыя гнёзды. Асабліва зацята змагаецца з
паўзучымі гадамі. Ніколі не абміне гадзюку. Нават самую вялікую і страшную.
Спачатку цаляе пашкодзіць, перакусіць ёй хрыбет. Гадзюка ўмела бароніцца.
Пагрозліва сыкае, наравіць укусіць звярка. Але вожыка надзейна бароняць вострыя
калючкі, і ён звычайна перамагае. Цікава і тое, што маленькія вожыкі адразу
нараджаюцца з іголкамі. Аднак напачатку яны ў звяркоў мяккія і белыя. Замест іх
праз два-тры тыдні вырастаюць цёмныя і калючыя. Вожычыха старанна апякуецца над
сваімі дзецьмі, водзіць іх за сабою амаль цэлае лета.
А ўзімку вожык спіць. У цёплай норцы-гняздзе, зусім без ежы. Як мядзведзь у
бярлозе. Спіць і, напэўна, сніць, што вясною, калі прыгрэе сонейка, хтосьці
добры пачастуе яго цёплым сырадоем. Малако для вожыка — самы лепшы ласунак на
свеце. Сподачкам сырадою звярка лёгка прыручыць. Але трэба памятаць: малако
шкодзіць вожыкаваму здароўю. Асабліва калі наліваюць яго шмат і кожны дзень.
Найлепш звяроў і птушак зусім не прыручаць і не чыніць ім аніякай крыўды.
Тады яны заўсёды будуць жыць з намі ў блізкім суседстве і добрай згодзе.
Комментариев нет:
Отправить комментарий