Беларуская народная казка
Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, ку-рачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка
і кліча курачку:
— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку. «Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам». Праглынуў — ды і падавіўся. Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае. Падбегла да яго курачка:
— Што з табою, Петрусёк? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…
— Як жа цябе ратаваць, Петрусёк? — пытаецца курачка.
— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
— А дзе яго дастаць?
— У каровы.
Пабегла курачка да каровы:
— Карова, карова, дай масла!
— Нашто табе масла?
— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся…
— Добра, — кажа карова, — дам табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена. Прыйшла курачка да касцоў:
— Касцы, касцы, дайце сена!
— Нашто табе сена?
— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Касцы кажуць:
— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ямо, тады і сена накосім.
Прыйшла курачка да пекара:
— Пекар, пекар, дай пірагоў!
— Нашто табе пірагі?
— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла —пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Пекар кажа:
— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў. Пекар напёк пірагоў. Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена. Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала
масла. Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — малайчына!
Комментариев нет:
Отправить комментарий