Змітрок Бядуля
Ля рэчкі, пад вольхай, хохлік знайшоў ракавінку. Уладзіў у ёй кузню і давай чырвонцы каваць. Праца ў яго заўсёды кіпела ўночы, калі, бадай, усе жывыя істоты спалі, калі спяваў адзін салоўка і месячык рэчку фарбаваў.
У кузні ў хохліка было некалькі памочнікаў. Светлячок раскладваў агонь на горне. Цвыркун працаваў малатком пры кавадле. Жаба дзьмухала кавальскімі мяхамі.
Пад карэннямі вольхі, ля рэчкі, крот выкапаў патаемныя падзямеллі, дзе хохлік хаваў свой багаты скарб — скрыні з золатам. Разнеслася вестка па ўсёй ваколіцы ля рэчкі, што хохлік вельмі багаты і мае незлічоныя скарбы пад вольхай.
— Сама сваімі вушамі чула, — казала маленькая плотачка ў рэчцы, — цэлымі начамі куе ды куе ў сваёй кузні, грукае і стукае і нам, рыбкам, проста спаць не дае.
Сама сваімі вачыма бачыла, — казала варона, — усё там у яго ў кузні блішчыць і блішчыць. Свеціць як маланка, ажно вочы слепіць мне, старой. I я мусіла сабе купіць цёмныя акуляры, бо доктар драч напужаў мяне, што зусім аслепну пад старасць, калі не буду асцерагацца. Адно гора з гэтым хохлікам.
— Ку-ку! Ку-ку! Раз-два! Тры-чатыры! — кукавала зязюля на вольсе. Яна ў цёплыя раніцы сядзела на дрэве ды ўсё лічыла багацце хохліка. Але зязюля ў лічбах надта не кемная: лічыць-лічыць, заблытаецца ды зноў спачатку пачынае, і гэтак штодня.
— 3-з-з-м-м-м! 3-з-з-м-м-м! — гудзеў авадзень над рэчкай. — Гэта ж проста бяда, аднаму ўсё, а другому нічога. Я лётаю-лётаю, б'юся як рыба аб лёд і нічагуткі не маю, а хохлік увесь свет захапіў.
— Ш-ш-ш! — казаў чарот. — Не шуміце так, не грыміце ды не зайздросце. Працуйце, дык і вы будзеце мець. Я вось сведка, як хохлік са сваёй сям'ёй працуе да поту.
— Дурань, дурань, дурань! — крыкнуў дзяцел чароту. — Не лезь, куды цябе не просяць. Маўчы, ды годзе. А вось давайце, браткі, будзем дзяліць хохлікава дабро!
— Давайце! Давайце! — крыкнулі вераб'і.
— I мы, і мы да кампаніі! — загудзелі камары.
— Калі ўсім, дык і нам! — закудахталі куры.
Падняўся шум, гармідар, крыкі. Наляцелі з усіх бакоў звяры і птушкі, мухі і ўсе жывыя істоты, хто толькі даведаўся аб багацці хохліка. Усе рынуліся да хохліка ў кузню, каб яго абрабаваць.
Але хохліка таксама ўлегцы не возьмеш. Ён схаваў свае скарбы спрытна. Закопваў па ўсёй ваколіцы ў розных мясцінах — па лясах, па лугах, пад крушнямі, пад дрэвамі. Не было лапінкі зямлі, дзе не ляжалі б яго скарбы. Але ніхто іх знайсці не можа. Грабуцца куры на сметніках. Капаюцца птушкі на палях. Порацца звяр'ё пад карчамі, рыба ў вадзе. Шукаюць, шукаюць, але нічога з гэтага не выходзіць.
Наслухаўся малы Саўка ад свайго старога дзеда, каторы жыў у млыне ля рэчкі, шмат баек аб багатых скарбах. Яны захаваны ў зямлі, іх усе шукаюць пад карчамі і знайсці не могуць.
— Іх трэба шукаць апоўначы ў купальскую ноч, калі кветка папараці цвіце, — казаў дзед, — тады можна іх знайсці.
Вось у купальскую ноч, калі Дзед ужо спаў, малы Саўка выйшаў ціхенька з хаты. Узяў з сабою рыдлёўку і пабрыў скарбаў шукаць. Убачыў ён здалёку агеньчык, які блішчаў на полі ля крушні і вабіў да сябе.
«Гэта, пэўна, скарб!» — падумаў Саўка і пайшоў на гэты агонь. Ён да агню, а агонь ад яго далей і далей, і завёў агонь хлопчыка ў самы цёмны гушчар. Страшна і жудасна было ў гушчары. Дрэвы, як жывыя істоты, шапталіся паміж сабою і нібы дзівіліся, што такі малы хлопчык не баіцца адзін швэндацца ў лесе па начах. Тым часам агонь знік, а замест агню залаты пеўнічак заблішчаў на карчы.
— Вось дзе скарб! — узрадаваўся Саўка і трах рыдлёўкай пеўнічка па галаве. Пеўнічак запяяў і знік, а замест пеўнічка паказаўся залаты зайчык. Саўка зрабіў тое самае з зайчыкам. Паказалася залатая лісічка... Затым — залаты ваўчок... Залаты мядзведзь... Але ён дзіка раўнуў і глынуў Саўку.
Ачухаўся Саўка праз некалькі хвілін. Ажно стаіць ён пад зямлёй, а на яго глядзіць і ўсміхаецца хохлік, малюсенькі і тоненькі, як травінка, прыбраны ў шоўк і ядвабу. На галоўцы ў яго залатая карона з дарагімі каменнямі.
— Вось ты і папаўся, Саўка, у мае рукі! — сказаў хохлік.
А я ж цябе не баюся, — загарачыўся Саўка. — Зачэпіш мяне, дык я цябе вось адным пальцам задушу! — і паказвае хохліку свой палец. Але як глянуў сам на свой палец, дык адразу анямеў ад страху: палец цянюткі, як павуцінка. Тады давай Саўка аглядаць усяго сябе. Ажно ён сам такі ж маленькі, як хохлік. Тут Саўка спужаўся і заплакаў.
— Не плач,— сказаў хохлік.— Давай цяпер, калі ты ростам такі, як я, будзем аглядаць мае скарбы пад зямлёю.
— На волю хачу, да дзеда! — яшчэ галасней заплакаў Саўка, бо ў яго ўжо адпала ахвота скарбы глядзець.
— Вось табе і адважны, — пачаў кпіць з яго хохлік, — звяроў не баяўся, а цяпер плачаш. Сорам, а яшчэ такі хлопец! Глянь, Саўка, налева і дзівіся!
Як глянуў Саўка налева, дык адразу плакаць перастаў, бо сярэбраныя палацы замігацелі пад зямлёй. Увёў хохлік Саўку ў палацы. Як заблішчалі залатыя сцены і дарагія каменні на сталах, дык Саўка аж засмяяўся з радасці і забыўся аб усім на свеце.
— Гэта мае палацы, — тлумачыў яму хохлік. — Я тут жыву з усёй маёй вялікай грамадой. Мы ўсе вельмі багатыя. Мая грамада разышлася па ўсіх кутках зямлі на працу. Кожны хохлік мае багатыя скарбы — куе і куе золата і дае багацце таму з людзей, хто шчыра працуе. Матка-зямля мае шмат багацця. Яна шчодрая да тых, хто любіць працаваць. Без мазалёў і поту ніякіх скарбаў не знойдзеш.
Раптам пачуўся шум пад зямлёй. 3 усіх бакоў, з усіх шчылін пачалі сыпацца хохлікі, як залатыя сняжынкі, як брыльянтавы мак, як жывы каляровы дождж. Малюсенькія-малюсенькія, драбнюткія-драбнюткія і многа-многа, ажно ў вачах мігацела, гледзячы на іх. А ўсе, відаць, працаўнікі заядлыя, майстры адукаваныя: хто з сякерай, хто з рыдлёўкай, хто з малатком, хто з мяшочкам за плячыма, а хто з такім дзіўным інструментам, што Саўка і не ведаў, што гэта.
— Гэта мая сямейка на вячэру прыйшла... Гэй, ты! — паклікаў хохлік аднаго з кампаніі. — Як расце поле таго ратая, што раней за ўсіх у вёсцы на шнур свой выходзіць?
— Вельмі добра расце... Я сам даглядаю жытнія зярняткі, кармлю іх зямельным сокам і паю расіцай.
— А ты што сягоння зрабіў? — строга крыкнуў ён другому.
— Я глядзеў за тым, каб сад добра расцвітаў, каб вецер без пары кветак не зрываў.
— Ну, глядзі, бо гаспадар дзень і ноч у садзе капаўся, трэба, каб яблыкі былі, як гарбузы, а грушы — як кулакі.
— А ты, жэўжык, што рабіў? — звярнуўся ён да трэцяга.
— Я пільнаваў агарод з агуркамі. Лічыў і лічыў, бо трэба, каб сёлета было шмат агуркоў.— I хохлік пачаў лічыць па пальцах. — Пяць коп гаспадару; щаўцу, што яму боты шыў, — тры капы; кавалю за рыдлёўку — тры капы; хлопчыку, які ваду цягаў, тры...
— Ах ты такі і сякі! — зазлаваўся стары хохлік. — Чаму ты гэтакі скупы? Глядзі, каб усім было не меней як па дзесяць коп!
— Буду старацца, — пужліва сказаў працаўнік.
Падышоў новы хохлік з кнігай і пачаў чытаць аб тым, як хлопчыкі ў школах вучацца, хто стараецца і хто толькі мух ловіць. Доўга чытаў ён аб гэтым, пералічваючы ўсіх сяброў і знаёмых Саўкі.
— Рыхтаваць старанным хлопчыкам самыя найлепшыя гасцінцы, а гультаям і абібокам нічога не даваць! — загадаў старшы хохлік.
Пасля розных распытванняў працавітыя хохлікі селі вячэраць. Чаго-чаго там ні 6ыло на вячэру: самыя найлепшыя прысмакі, якія толькі ёсць на зямлі. Саўку, як госцю, вядомая рэч, пападаліся найсмачнейшыя кавалкі.
Павячэраўшы сытна, Саўка заснуў і паспеў азірнуцца, як апынуўся на ложку сваім у дзедавай хаце.
3 таго часу болей Саўка не шукаў скарбаў, бо ведаў, што матка-зямля мае іх у сабе вельмі шмат, але дае толькі тым, хто працуе.
I Саўка ўзяўся за навуку, каб навучыцца працаваць.
Комментариев нет:
Отправить комментарий