Таццяна Бушко
Выбегла Таццянка з дому. Снег мяккі
сыпле, усцілае зямлю. Выцягнула ручкі ў сініх рукавічках. На іх зоркі-сняжынкі
— мама вышывала. Але вось жа і яшчэ сняжынка прыбавілася. Сняжынка сапраўдная.
Яна маленькая, куды меншая за вышываную. Толькі што гэта? Яна яшчэ меншая
робіцца. Глядзіць на рукавічку Таццянка, а сняжынка ўсё меншае і меншае. Раптам
зусім прапала. Дзе ж яна падзелася? Таццянка перавярнула руку — і тут няма!
Тым часам на далоньку апусцілася яшчэ
адна сняжынка. Вялікая, пушыстая.
«Ну, цяпер я разумнейшая буду», —
падумала Таццянка. Сціснула яна сняжынку ў рукавічцы і дадому хутчэй пабегла —
маме паказаць. Вельмі ўжо гэтая сняжынка да мамінай вышыванай падобная.
— Мама, зірні, што я прынесла! — і
выпрастала руку. А на далоні зноў нічога няма! Заплакала Таццянка ад крыўды.
— I куды яна падзелася? — плача Таццянка.
— Хто? — пытаецца мама.
— Сняжынка! Я табе яе ў рукавічцы
прынесці хацела. Несла, несла і згубіла па дарозе!
— Не плач! Не згубіла ты яе… — і мама
расказала Таццянцы, што здарылася са сняжынкай.
А вы здагадаліся, дзе падзелася
сняжынка?
Комментариев нет:
Отправить комментарий