Уладзімір Юрэвіч
Сёння на
падвячорак у дзіцячым садзе згатавалі смачны кампот — чырвоны, салодкі,
духмяны. Над жоўтым кубачкам, які паставілі перад Лукашком, назольна лётае аса.
Хлопчык яе адгоніць, а яна зноў да яго. Толькі адзін раз і сербануў таго
кампоту.
Раззлаваўся
Лукашок, усхапіўся з крэсла і наважыўся ўжо злавіць надакучлівую асу. Але
кубачак абярнуўся, і кампот заліў увесь стол. Паўскоквалі Таня, Валя і Глеб. А
Лукашок стаіць разгублены — ні кампоту не пакаштаваў, ні асы не дагнаў.
— Ну, я ж табе
пакажу, нягодніца такая, — сказаў сам сабе ціхенька Лукашок і пайшоў па анучку,
каб выцерці стол.
Пасля падвячорку
іхняя група выйшла ў двор на прагулянку. Сонца хілілася на спачын, але грэла
яшчэ.
Толькі гэта
Лукашок павярнуўся да сонца, каб «пазагараць», як зноў падляцела аса. Так і
цаляе, каб на нос сесці. «I што яна тут пачула?» — падумаў хлопчык. Стол ён
выцер, а губы ж засталіся салодкія, нават не аблізаў іх як след.
Аса здалёку чуе
пах салодкага. Самой жа збіраць нектар з кветак, як гэта робяць пчолы, не
хочацца. Усё шукае, дзе б паласавацца чужым. Так Лукашку тлумачыў аднойчы яго
дзядуля.
— Зараз я з
табой распраўлюся, — выгукнуў хлопчык і пагнаўся за асой. — Ты мой кампот
разліла. Такі смачны, кажуць, а я і не пакаштаваў. Я ж табе…
Аса ляціць, а
Лукашок бяжыць, яна хутчэй, і хлопчык спяшаецца, налягае на ўсе педалі…
Так дабег да
ганка. I тут аса спланіравала долу так прыгожа, нібы самалёцік, і ўляцела ў
шчылінку, што была між ганкам і сцяной.
Лукашок прысеў,
каб падпільнаваць тую асу, што схавалася. А тут яшчэ адна прыляцела. Следам за
першай знікла ў шчыліне. Усё новыя і новыя падляталі да шчылінкі і знікалі ў
ёй…
«Тут, мабыць,
цэлы вулей асіны?» — мільганула ў хлопчыка думка.
Лукашок пабег,
каб знайсці кіёк ці дубец які ды паспрабаваць выгнаць вос з іхняга сховішча. А
заадно і сяброў сваіх паклікаць, усё смялей будзе ваяваць.
Дзеці мігам
сабраліся каля ганка і назіралі, як Лукашок варушыў дубцом у шчыліне. Раптам
выхапіў яго, бо па дубцы паўзла вялікая аса. Дзеці нахіліліся, каб разгледзець
яе лепш.
— Ой, якая
прыгожанькая! — выгукнула Таня. — Гляньце, спаднічка шэрая ў жоўтыя пасачкі.
— А станік
тоненькі-тоненькі, — дадала Валя.
— Вусішчы такія,
як у Карабаса, — зазначыў паважна Глеб.
Аса тым часам
паўзла-паўзла, апынулася на канцы дубчыка, развінула крылы і паляцела.
Лукашок вярнуўся
зноў да шчыліны, уставіў у яе дубец і пачаў яшчэ мацней варушыць. Адтуль
выпаўзалі восы, узнімаліся ў паветра. Пакружыўшыся крыху над ганкам, яны раптам
рынуліся на дзяцей.
Адмахваючыся
рукамі, з крыкам і піскам усе разбегліся хто куды. Толькі Лукашок стаяў на
месцы. Так вучыў яго дзядуля: калі на цябе наляцелі пчолы ці восы, не бяжы і не
дыхай, замры — ніводная не кране.
Мінула хвіліна,
можа, больш, Лукашку надакучыла стаяць. Ён зноў нагнуўся да шчыліны, каб
глянуць, ці засталіся там, у гняздзе, яшчэ восы.
I раптам
адскочыў, схапіўся за нос. У пальцах заблыталася трапяткая аса. Ён трасянуў
рукой, аса звалілася долу. А нос зашчымеў, самы кончык. Лукашок абхапіў нос
жменяй і пабег да крана з халоднай вадой.
Колькі ні мачыў
Лукашок нос вадой, ён усё мацней балеў і, як здавалася хлопчыку, раздуваўся,
цяжэў. Ён мяняў руку, хапаўся за нос то правай, то левай.
Хацелася
заплакаць, але побач стаялі Таня і Валя. Пры дзяўчатках Лукашок ніколі не
плакаў.
Калі ўвечары
прыйшоў тата забіраць Лукашка дамоў, у яго замест носа было нешта падобнае да
вялікай спелай слівы.
— Аса
пацалавала? — спытаўся тата. — Нічога, пакуль жаніцца — загаіцца.
Усе, хто быў
побач, засмяяліся. Лукашку палягчэла, але свой нос ён па-ранейшаму трымаў у
кулачку: балела і было сорамна.
Комментариев нет:
Отправить комментарий