Бай

Янка Купала

Бегаў бай па сцяне
У чырвоным кафтане.
Байку баіў. Ай, лю-лі!
Жылі пчолкі ў вуллі...
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
Шла вясна па вясне,
Жылі пчолкі з году ў год,
Бралі ў соты з кветак мёд.
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
Ніхто пчолак не кране;
Самі мёд збіраюць той,
Самі ласваюць зімой...
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
У той самай старане
Пустапасам труцень жыў,
Неяк з пчолкамі здружыў...
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
Труцень кажа: «Дайце мне
Глянуць, пчолкі, у вуллёк,
Паспытаці ваш мядок!..»
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
Ці так добра, ці так не, —
Пчолкі добрымі былі,
Трутня ў госці прынялі...
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сцяне...
Труцень пальцам не кіўне;
Пчолкі мёд нясуць да сот,
Труцень есць да есць той мёд.
Баіць ці не?
— Не!

Комментариев нет:

Отправить комментарий