Беларуская народная казка
Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі ня было, толькі адна курачка Чубатка.
Жылі яны, жылі, дажыліся - няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:
- Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?
Баба замахала рукамі:
- Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я ня дам варыць.
Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.
Дзед кажа:
- Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.
Паглядзела старая на бобінку:
- Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пірог.
- Дзе-ж мы яе пасадзім? - пытаецца дзед.
- На полі.
- На полі яе варона выдзяўбе...
- Дык на дварэ.
- На дварэ яе курыца выграбе...
- Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.
- Добра, - згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі.
Узыйшла бобінка ды давай расьці. Расла, расла, уперлася ў палаці.
- Што, баба, рабіць будзем? - пытаецца дзед.
- Трэба палаці разьбіраць.
Дзед разабраў палаці, а бобінка як расьці ды расьці - дарасла да столі.
- Што, баба, рабіць будзем? - зноў пытаецца дзед.
- Трэба столь разьбіраць.
Дзед і столь разабраў, а бобінка як расьці ды расьці - дарасла да страхі.
Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на сьвет і давай расьці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.
Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкі і вярнуўся назад.
Зарадавалася баба - цэлую торбу струкоў прынёс дзед!
- Ну, цяпер то мы ўжо наядзімся пірага!
Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і расчыніла ў дзяжы цеста на пірог.
Цеста як расьці ды расьці - зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расьці ды расьці - зь печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба заслонку, а ён - скок на хату, з хаты за парог - і ўцёк...
Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.
Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла зь пірагом да пастушкоў.
Знайшла пастушкоў у полі і кажа:
- Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.
Бачаць пастушкі - добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго папрабаваць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.
- Толькі-ж, глядзіце, ня ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, - кажа лісіца.
Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, зьядзім па кусочку!» Разламалі пірог, а там - адны шышкі яловыя... Падманула іх хітрая лісіца!
Едзе лісіца на бычку, бачыць - на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.
Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.
- Куды, кума, едзеш? - пытаецца.
- За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.
- Чаго?
- Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць...
- А бараны ў тым царстве ёсьцека? - аблізнуўся воўк.
- Ды іх там хоць гаць гаці!
- А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост.
- Што адзін хвост везьці, садзіся ўвесь ты.
Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзьведзя.
- Куды, кумы, едзеце?
- За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства...
- Чаго?
- Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, - адказвае лісіца.
- Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, - падтаквае ёй воўк.
- А мёду там многа?
- Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!
Мядзьведзь зарадаваўся:
- То вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце.
- Што адну лапу везьці, садзіся ўвесь ты.
Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля. Лісіца кажа мядзьведзю:
- Схадзі, кум, прынясі аглоблю.
Пайшоў мядзьведзь у гушчар, знайшоў вывярнутую елку і прывалок да возу. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:
- Ах ты, мядзьведзішча, ах ты, дурнішча, ці-ж гэта лясіна для аглоблі!
І да ваўка:
- Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.
Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.
Тым часам мядзьведзь з ваўком зьелі бычка-трацячка, скуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасьміхаючыся.
Вярнулася лісіца, бачыць ні ваўка, ні мядзьведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той - брык! - і паваліўся.
Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася.
- Пачакайце-ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! - пагразіла яна ваўку і мядзьведзю ды пайшла сваёю дарогаю.
Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што зьеў бычка.
- Добры дзень, кум! Як маешся?
- Дрэнна, - кажа воўк. - Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.
- То трэба новы кажух пашыць, - раіць лісіца.
- Праўду, кумка, кажаш, - згадзіўся воўк.
Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.
- Хопіць на кажух? - пытаецца ў лісіцы.
- Мала, - кажа лісіца.
Прынёс воўк яшчэ адну авечку:
- Цяпер хопіць?
- Не, яшчэ адну трэба.
Воўк і трэйцюю прывалок.
- Ну, а цяпер, - кажа лісіца, - трэба краўца шукаць.
- Дзе-ж мне яго шукаць, кумка?
- Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.
Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустох, на прывязі жарабец пасьвіўся.
- Вунь ён, кравец!
Воўк зарагатаў:
- Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.
Лісіца пакрыўдзілася:
- Ты пра мой розум ня вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.
Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся:
- Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!
- Не хваліся загадзя, - кажа лісіца, - лепш паглядзіш, як зараз зь цябе скуру зьнімуць.
- Хто зьніме? - ляснуў зубамі воўк.
- Гаспадар гэтага каня.
- Ня можа быць! - ня верыць воўк.
- Пабачыш. На чым жарабец навязаны? - пытаецца лісіца.
- На вяроўцы.
Лісіца засьмяялася:
- Вось і відаць, што дурань!
- Чаму? - падскочыў воўк.
- Жарабец на калу навязаны.
- Ня можа быць! - залыпаў воўк вачыма.
- Хадзем пакажу.
Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зьняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шьпо. Воўк і азірнуцца не пасьпеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпнуў дахаты, толькі падковы заблішчэлі.
Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там зь яго і скуру зьнялі.
Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есьць.
Ідзе мядзьведзь - той, што бычка зьеў.
- Што гэта ты, кума, жуеш? - пытаецца.
- Мазгі. Сьляпы ты, ці што?
- А дзе-ж ты іх дастала?
- З галавы. І ты можаш дастаць, калі хочаш.
- Як?
- Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб - мазгі і выскачаць.
- Дзякую-ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. А то есьці даўно хочацца.
Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лобам.
Тут яму і канец.
А хітрая лісіца наелася мазгоў ды пайшла запіваць крынічнаю вадою.
Комментариев нет:
Отправить комментарий