Барыс Сачанка
З горада ў вёску
да бабы і дзеда прыехала ўнучка Настачка. Надта ж спадабалася Настачцы ў дзеда
і бабы. Так што калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Настачка
нават заплакала:
— Не хачу нікуды
ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.
Дзед і баба
толькі таго і чакалі.
— Няхай
пераначуе ў нас, — узяліся яны ўгаворваць тату і маму. — Калі што якое — заўтра
прыедзеце і забераце.
Тата і мама
паслухаліся.
Ні на крок не
адыходзілі ад унучкі дзед і баба. I накармілі яе, і напаілі, і спаць палажылі.
Прачнулася
раніцай Настачка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце
зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе
была кухня. Адчыніла дзверы — і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над
дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта таўкла, а дзед… Што ж гэта такое рабіў
дзед? Сядзеў на зэдліку і біў малаточкам па нечым бляшаным —
дзінь-дзінь-дзінь!..
— Дзед, што ты
робіш? — спытала Настачка.
— Касу кляпаю, —
заўсміхаўся ў свае пышныя вусы дзед.
— А навошта табе
каса?
— Касою я накашу
кароўцы сена. Кароўка з’есць яго і дасць нам малачка. А з малачка, як ты
ведаеш, і смятана, і тваражок, і маселка.
— А ты, бабуля,
што робіш? — падышла бліжэй да бабы Настачка.
— Я таўку
бульбу, — лагодна адказала баба. — Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькай вадою
ды свіней накармлю.
Пастаяла
Настачка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:
— Дзед сена
будзе касіць, бабуля свіней карміць. А мне што рабіць?
— О! Абы ахвота
была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.
Кінула баба
таўчы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.
— Я вось пайду
свіней карміць, а ты — падала яна місачку з зярнятамі Настачцы, — курэй
накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечка табе свежанькае знясуць…
Прыехалі з
горада мама і тата, бачаць: стаіць Настачка сярод двара і сыпле курам ячмень, а
тыя дзяўбуць яго ды ціхенька — ко-ко-ко! — перамаўляюцца, няйначай, радуюцца,
што памочніца ў дзеда і бабы з’явілася, хваляць яе.
Глядзелі на
Настачку тата і мама: малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе
Настачка клапатлівая гаспадыня-працаўніца.
Комментариев нет:
Отправить комментарий