Уладзімір Дубоўка
1
Быў час, калі агню нідзе
На свеце не было ў людзей.
I цеплыня ім, і святло —
усё ад сонейка ішло.
Зімой пакутаваў народ:
навокал сцюжа, снег і лёд,
Мароз гуляў, як гаспадар.
Амаль не грэла сонца з хмар.
Нагараваўшыся зімой,
прыйшлі да думкі ўсе такой:
— Ад сонца б іскрачку адну
прынесці ў нашу старану!
Тады б расклалі мы агонь
і грэліся каля яго.
А як бы гэта хто зрабіў,
калі не маюць людзі крыл?
Пасля надумаліся ўсе:
«Агонь нам птушка прынясе!»
А птушкі дружна на зямлі
у часе тым з людзьмі жылі.
Пайшлі да птушак грамадой
з сваёй вялікаю бядой.
Адказ ад птушак быў такі:
— Занадта шлях для нас цяжкі!
Не паляцім далёка так!—
Адзін маленечкі сіняк
ляцець да сонца згоду даў,
чаго ніхто і не чакаў.
Вароны ўсе адразу ў крык:
— Ты прыкусіў бы лепш язык!
Не даляцець табе да хмар!
Загінеш ты!
Кар-р!
Кар-р!
Шкадуюць птушачкі усе:
— Маленькі вельмі ты, сусед!
Не ашчаслівіш ты людзей,
асіраціш сваіх дзяцей...
А сінячок дае адказ:
— Бясспрэчна, я слабей за вас!
Але ж агню няма бліжэй,
а ён патрэбен для людзей!
I паляцеў да сонца так
адзін маленечкі сіняк.
2
Ляцеў, ляцеў і прыляцеў.
Вясёлым голасам запеў.
Сваім вясёлым спевам тым
здзівіў ён сонейка зусім.
— Адкуль узяўся ты, сіняк,
не зразумею я ніяк!
За ўсе мінулыя вякі
ў мяне ты першы госць такі! —
Маленькі гэты сонцаў госць
і расказаў пра ўсё, як ёсць.
— Нялёгкі людзі маюць лёс.
Мяне прасілі, каб прынёс
адну іскрыначку для іх
з агнёў палаючых тваіх!
— Прыдумаць не магу ніяк,
што і сказаць табе, сіняк!
Калі агню табе я дам,
як занясеш яго людзям?
Пакуль пабачыш ты свой бор,
ці сам згарыш, ці твой убор!
- Ляцець памалу буду я.
Не спаліць іскарка твая!
Ну што, сіняк, з табой рабіць!
Агонь, як бачыш сам, гарыць!
Вазьмі лучынку, прыпалі.
Нясі, як зможаш, да зямлі!
Лучынку ўзяў ад сонца ён,
заціснуў дзюбкаю цаўё,
пасля лучынку прыпаліў
і паляцеў з ёй да зямлі...
3
Ляцеў, ляцеў і прыляцеў
ён да сваіх палескіх дрэў.
Ляціць над Прыпяццю-ракой,
Палессе бачыць пад сабой.
Яго вітаюць птушкі ўсе:
— Сіняк ляціць! Агонь нясе!
Вітаюць людзі ўсе яго:
— Сіняк ляціць! Нясе агонь! —
Пачуўшы спевы, гоман той,
Сіняк пачаў ляцець стралой.
Агонь узняўся, абхапіў
яго ад галавы да крыл.
Увесь убор гарыць на ім,
закрыў яго адразу дым.
Але не выпусціў ніяк
лучыну з дзюбачкі сіняк,
прынёс агонь, аддаў людзям,
застаўся хоць без пер'я сам.
Пазагараліся кастры,
ад іскры полымя гарыць.
А сінячок, хоць не памёр,
сядзіць галюткі ўвесь, без пёр.
Сумуюць птушкі навакол.
Адзін маленькі пасвіцёл
параду даў такую ўсім:
— Па пёрку мы яму дадзім!
Для нас не будзе страты ў тым,
а ўбор адновіцца на ім!
Адклад нідзе на лад не йдзе,—
адразу ж памаглі ў бядзе
Здаецца, што — адно пяро!
А колькі пёр з усіх сяброў!
Дапамагчы быў кожны рад,
па пёрку ўсе сабралі шмат.
I аднавіўся зноў убор
на сінячку з сяброўскіх пёр.
У кожнай птушкі колер свій
зімой бывае і вясной.
На той — чырвоны, сіні — ў той,
зялёны, жоўты — на другой...
Багата колераў на іх!
А сінячок сабраў з усіх.
Ён сам калісьці сіні быў,
пакуль агонь не абпаліў.
Не называлі б людзі так,
каб іншы колер меў сіняк!
Цяпер, па памяці старой,
застаўся ўсё ж ён з назвай той,
хоць многа колераў на ім,
хоць стаў стракаты ён зусім...
Адзін пугач не даў пяра,
яшчэ пры гэтым дакараў:
— Яго я лётаць не прасіў!
Узняўся тут страшэнны сквіл.
На грубіянства і дакор
аж загудзеў зялёны бор.
Напалі ўсе на пугача.
Хто дзюбай б'е, хто з-за пляча,
Пачаў даводзіць нешта ён.
Калі ж далі з усіх старон,
схаваўся ціхенька ў карчы,
ад злосці керкае, сычыць,
Сядзеў да цёмнай ночы там,
бо вінаваты быў ён сам.
Ад той пары яго нідзе
не ўбачыш ты у ясны дзень.
Калі на гнёздах птушкі спяць,
тады ён можа вылятаць...
Ад старадаўняй той пары
такі парадак у бары.
А сінячку нядрэнна ў ім.
Ён не баіцца нават зім,
пагрэцца у зімовы час
ляціць у вёску ён да нас.
Яму не страшны тут мароз:
агонь ад сонца ён прынёс.
Пагрэцца мае права ён!
Такі парадак з даўніх дзён
існуе ў нашай старане,
і ён ніколі не міне...
Комментариев нет:
Отправить комментарий